Свята розуму, творчасці, таленту
Свята розуму, творчасці, таленту
“Зноў па нашым краі крочыць вясна, зноў вітаюць яе чароўныя салаўіныя песні, першыя навальніцы, зноў радуе нашы вочы багатая палітра кветак і матылькоў. І зноў сабралася разам наша вялікая сям’я, каб падвесці вынікі навучальнага года і прывітаць тых, хто ўнёс у скарбонку гімназіі свае дасягненні, перамогі, адкрыцці …”
Такімі лірычнымі словамі пачалося 22 мая 2021 года ў дзяржаўнай установе адукацыі “Гімназія № 6 горада Брэста імя Маршала Савецкага Саюза Жукава Г.К.” традыцыйнае свята “Алімпіёнік 2021”, дзе адбылося падвядзенне вынікаў навучальнага года, віншаванне педагогаў, вучняў, якія сталі пераможцамі конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый, алімпіяд па вучэбных прадметах. Самыя значныя дасягненні – дыплом 3 ступені ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы адзінаццацікласніка Завадскага Кірыла (настаўнік Засім У.У.), дыплом 3 ступені ў VI Рэспубліканскім конкурсе “Здравствуй, мир!”, які заваявала вучаніца восьмага класа Велясніцкая Марына (настаўнік Білецкая Л.М.), дыплом 3 ступені ў IX міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Асоба ў гісторыі: Г.К.Жукаў і яго роля ў пераломных бітвах Вялікай Айчыннай вайны», уладальнікам якога з’яўляецца васьмікласнік Самавукін Нікіта (настаўнік Зайцава В.А.).
Асабліва хвалюючымі і доўгачаканымі, поўнымі сюрпрызаў сталі імгненні ўручэння дыпломаў у традыцыйных намінацыях: «Вучань года», «Настаўнік года», «Высакародны ўчынак года», «Прафесіянал года», «Інтэлектуал года», «Жукавец года», «Клас года», «Гонар гімназіі» і многіх іншых.
У чарговы раз парадавалі ўдзельнікаў свята сваімі выступленнямі лаўрэаты абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў: Эмілія Бакаева, Дар’я Свібовіч, Канстанцін Казанцаў, хор хлопчыкаў “Жавароначкі”. Па словах прысутных, мерапрыемства стала сапраўдным святам розуму, творчасці, таленту.
С.Г.Дзядзюк, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце